У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзяржаўных, культур…

*
Categories:

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў, сярод якіх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Гэтая ноч для беларусаў — сімвал сталінскага тэрору, які забраў жыцці таленавітых людзей, што паспелі зрабіць неацанімы ўнёсак у развіццё беларускай нацыі.

27 кастрычніка, у нядзелю, з 12 да 14 гадзіны падчас штотыднёвай акцыі на плошчы Кудзіркі беларусы Вільні, у тым ліку літаратары і праваабаронцы, і літоўскія сябры — актывісты і палітыкі — ушануюць памяць тых, хто сыйшоў з жыцця у чорную ноч масавага забойства. На плошчы будуць гучаць музыка беларускіх выканаўцаў на вершы расстраляных паэтаў і дэкламавацца іх творы на беларускай і літоўскай мовах.

29 кастрычніка, у аўторак, з 20 да 22 гадзіны запрашаем усіх у беларускі Замак на прагляд фільма пра ахвяраў рэпрэсій сталінскіх часоў, запальваннем памятных знічаў пад партрэтамі загінуўшых у Ноч расстраляных паэтаў і выступленнем паэта-барда, палітвязня Анатоля Хіневіча. 

Запрашаем далучацца да мерапрыемстваў усіх, хто падзяляе каштоўнасці гістарычнай памяці, свабоды і дэмакратыі. Разам мы год за годам захоўваем гісторыю і ўвекавечваем імёны тых, чые жыцці былі трагічна абарваныя, але чыя творчасць працягвае жыць.