Антон Маслыка і Кацярына Еўдакімава – беларуская сям’я з чатырма дзецьмі, якая была вымушаная пакіну…

*
Categories:

Антон Маслыка і Кацярына Еўдакімава – беларуская сям’я з чатырма дзецьмі, якая была вымушаная пакінуць радзіму пасля пераследу з боку рэжыму. Яны ўдзельнічалі ў пратэстах супраць рэжыму і былі абвінавачаныя ў “грубым парушэнні грамадскага парадку”. У 2022 годзе Антона асудзілі на 1,5 гады калоніі, Кацярыне прызначылі 3 гады “хатняй хіміі”, што стала для іх сапраўдным выпрабаваннем.

Пасля выхаду Антона на волю, шэраг пераследаў і пагроз не скончыўся. У студзені 2023 года, пасля чарговага затрымання Кацярыны, сям’я прыняла рашэнне збегчы з Беларусі.
Іх, тады яшчэ, трое дзяцей, якім на той момант было тры, сем і адзінаццаць год, не разумелі ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі. Бацькі сказалі ім, што яны едуць на рыбалку, і сям’я перасякла мяжу, прайшоўшы праз лес і замёрзлую раку, што стала іх адзіным спосабам пазбегнуць пераследу.

Прыбыўшы ў Літву, Кацярына і Антон сутыкнуліся з новымі выклікамі. Яны распачалі новае жыццё ў незнаёмай краіне, дзе іх дзеці павінны былі адаптавацца да новага асяроддзя: новай школе, новым сябрам.
Трэба было шукаць крыніцы заробку, што няпроста ў адсутнасці неабходных дакументаў і статуса. Складана было строіць нейкія планы на будучыню.
Ужо знаходзячыся ў Літве Кацярына і Антон даведаліся, што чакаюць яшчэ адно дзіця. Гэта дадало радасці, але і ўзмацніла стрэс з-за нявызначанасці іх будучыні.
Першы час сям’я жыла ў Замку, затым пераехала ў загарадны дом.

Антон здолеў даволі хутка знайсці працу па спецыяльнасці ў сферы сістэм бяспекі. Так сталася, што добрыя спецыялісты ўсюды запатрабаваны.
Акрамя гэтага Антон – музыка-самавучка, займаецца рок-музыкай і ігрой на гітары. У Беларусі ў яго быў свой музычны гурт «Невядомы маршрут», з якім ён аб’ездзіў разнастайныя рок і байк-фэсты, у тым ліку і за межамі Беларусі.
Апроч сваёй прафесійнай дзейнасці, Антон таксама працягнуў займацца сваім хобі — вытворчасцю тытуню і алкаголю.  Гэтае захапленне пачалося яшчэ ў Беларусі, дзе ён сабраў калекцыю тытуню і навучыўся варыць піва і віскі. Дарэчы, з’яжджаючы Антон узяў з сабой толькі калекцыю тытуню і самаробны абсэнт – самае каштоўнае)
У Літве ён убачыў вялікія магчымасці для развіцця свайго хобі, і марыць адкрыць уласную вінакурню.
Спартыўны вопыт Антона, які займаўся кунг-фу больш за шэсць гадоў, дапамагае яму спраўляцца з цяжкасцямі. Ён верыць, што важна не зацыклівацца на праблемах, а прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, і знаходзіць у кожнай сітуацыі нешта пазітыўнае.

Кацярына актыўна займаецца спортам, імкнецца захаваць фізічнае і эмацыйнае здароўе. Яна мяркуе, што важна не толькі спраўляцца з цяжкасцямі, але і ствараць здаровую атмасферу для сваіх дзяцей. Спорт стаў для яе спосабам аднавіць сілы і псіхалагічнае здароўе, а таксама прывіць любоў да актыўнасці дзецям. Яна разумее, што новы свет, у які патрапіла сям’я, поўны магчымасцяў, і яе намаганні накіраваны на тое, каб зрабіць жыццё сваіх дзяцей ярчэй.

Старэйшая дачка Нэлі, якая 8 гадоў займалася танцамі, нялёгка перажыла адсутнасць любімага хобі і расстання з сябрамі і бабуляй, якія засталіся ў Беларусі. Але яна лепш за ўсіх дзяцей усведамляла што адбываецца і які важны і неабходны крок яны здзяйсняюць.

Сын Сцяпан захапляецца музыкай.  Яшчэ ў Беларусі пачаліся складанасці, калі яму з цяжкасцю атрымалася выехаць на выступ ў Парыж. Цяпер жа даводзіцца будаваць усё нанова ў новай краіне.

Малодшай дачцэ Агаце вельмі складана зразумець, чаму сям’я не можа вярнуцца дадому ў Беларусь.

25 кастрычніка на свет з’явілася самая малодшая дачка, якая прайшла мяжу ў жываце і нарадзілася вольным чалавекам)

Тут дзеці адаптуюцца да новага жыцця. У іх новая школа, новыя сябры, новы свет. Ім усё вельмі падабаецца.

Нягледзячы на ​​складаныя абставіны, з якімі сям’і прыйшлося сутыкнуцца, яны застаюцца поўныя надзей і будуюць новае жыццё.

Жадаем ім шчаслівага далейшага жыцця, няхай усё самае страшнае і непрыемнае застанецца ў былым, а далей толькі радасць і пазітыў!