Беларусь ты мая,
І як дорага ўся
Прыгажосць мне твая!
Вось я полем іду
Цёплай летняй парой.
Я любуюся тут
Нашай роднай красой.
Ясната ў небе скрозь,
Няма воблачка ў ім.
Моцна вабіць мяне
Даль прасторам сваім.
Палымнее усход –
Нібы ўспыхнуў пажар.
Сонцу гімны звіняць;
Колькі ў гімнах тых чар!
Вось я ў пушчу прыйшоў;
Эх, які ж тут прастор!
Як далёка кругом
Лес шацёр распасцёр!
Тут бярозы стаяць
Беласнежнай сям’ёй;
Упрыгожаны дол
Аксамітам-травой.
А за лесам ізноў –
Сенажаці, палі.
Тут чакаюць зярна
Скібы свежай раллі.
Хутка вечар прыйшоў
З цішынёю сваёй –
І заснуў ціхім сном
Лес вячэрняй парой.
У абдымках смугі
Задрамалі кусты;
На зялёным галлі
Ўжо не шэпчуць лісты.
Вунь дыміцца рака,
Сціхлі скрозь галасы,
Замігцелі ў траве
Дыяменты расы.
Ўсю тваю прыгажосць,
Беларусь ты мая,
І тваю яснату,
Эх, люблю ж моцна я!
Як жа радасна мне
Твой прастор аглядаць,
Шчырым сэрцам цябе
З жыццём новым вітаць.